БЕЛАРУ́СКАЯ ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА
(БВА),
ваенна-адм. аб’яднанне вайск. часцей, злучэнняў, ваен. навучальных і інш. ваен. устаноў, улікова-мабілізацыйных органаў (ваенкаматаў), якія дыслацыраваліся на тэр. Беларусі. Існавала ў 1918—92. Утворана 28.11.1918 як Мінская ваен. акруга. 14.12.1918 перайменавана ў Зах. ваен. акругу, у склад якой увайшлі Мінская, Смаленская, Віцебская, Магілёўская і Віленскай губ. Кіраванне ажыццяўляў акруговы ваен. камісарыят (размяшчаўся ў Смаленску). 20.12.1918 створаны ваен.-акруговы штаб; фарміраваліся мясц. ваенна-адм. органы. Першыя акр. камісары — І.Я.Алібегаў і У.С.Селязнёў. У крас. 1918 ва ўмовах грамадз. вайны і іншаземнай інтэрвенцыі створаны Зах. ўчастак атрадаў заслоны, потым Заходні раён абароны 1918, які перайменаваны ў Заходнюю Армію 1918—19, з 19.2.1919 у Заходні фронт 1919—24. 8.4.1924 Зах. фронт перайменаваны ў Зах. ваен. акругу. У 1924—25 у войсках акругі праводзілася ваен. рэформа, якая прадугледжвала пераход да адзінаначалля, змену структуры кіравання акругай, перавод войскаў на новыя штаты, увядзенне тэр. прынцыпу камплектавання і падрыхтоўкі злучэнняў і часцей Чырв. Арміі, стварэнне нац. злучэнняў і часцей. Першае ў акрузе нац. фарміраванне — 2-я Бел. стралк. дывізія. 2.10.1926 Зах. ваен. акруга перайменавана ў БВА. У 1930-я г. на яе тэр. вялося будаўніцтва ўмацаваных раёнаў (Полацкага, Мінскага і Палескага), праводзілася тэхн. перааснашчэнне, упраўленне акругі аб’яднана са штабам. У 1935—38 тэрытарыяльныя стралк. дывізіі БВА пераўтвораны ў кадравыя. Беспадстаўныя рэпрэсіі ў 1937—38 супраць кіруючых работнікаў, камандзіраў і палітработнікаў сур’ёзна аслабілі ваен. кадры акругі. У 1938 БВА названа Бел. асобай ваен. акругай, у 1939 яе ўпраўленне пераведзена ў Мінск. 11.7.1940 БВА перайменавана ў Зах. асобую ваен. акругу, войскі пачалі аснашчацца новымі відамі зброі і тэхнікі. На пач. Вял. Айч. вайны 22.6.1941 акруга пераўтворана ў Заходні фронт 1941—44, які 24.4.1944 перайменаваны ў 3-і Бел. фронт. З 15.10.1943 на базе ўпраўлення Маскоўскай зоны абароны ў Смаленску (са жн. 1944 у Мінску) сфарміравана ўпраўленне БВА (камандуючы В.Ф.Якаўлеў). У ліп. 1944 у склад акругі ўключана тэр. Літ. ССР, і са студз. 1945 БВА стала называцца Бел.-Літ. ваен. акругай. 9.7.1945 яна падзелена на 2 акругі: Мінскую (аб’ядноўвала Мінскую, Полацкую, Маладзечанскую, Віцебскую і Магілёўскую вобл., упраўленне ў Мінску) і Баранавіцкую (Баранавіцкая, Брэсцкая, Гродзенская, Пінская, Бабруйская, Палеская і Гомельская вобл., упраўленне ў Бабруйску). 4.12.1946 яны зноў аб’яднаны ў адну акругу — БВА (упраўленне напачатку размяшчалася ў Бабруйску, са студз. 1947 — у Мінску). З 1950-х г. войскі БВА аснашчаліся новымі відамі зброі, у тым ліку ракетнай зброяй рознага прызначэння, адбываліся змены ў арганізац. структуры існуючых злучэнняў, уведзены новыя роды войскаў, у тым ліку ракетныя. 6.5.1992 БВА ліквідавана ў сувязі са стварэннем Мін-ва абароны Рэспублікі Беларусь і будаўніцтвам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
У розны час войскамі акругі (франтоў) камандавалі: Я.З.Барсукоў (1918), М.М.Дамажыраў (1919), Дз.М.Надзёжны (1919), У.М.Гіціс (1919—20), М.М.Тухачэўскі (1920—21, 1922—24), П.М.Захараў (1921), А.І.Ягораў (1921—22, 1927—31), А.І.Кук (1924), А.І.Корк (1924—27), Е.П.Убарэвіч (1931—37), І.П.Бялоў (1937), М.П.Кавалёў (1938—40), Дз.Р.Паўлаў (1940—41), А.І.Яроменка (1941), С.К.Цімашэнка (1941, 1945—46, 1949—60), І.С.Конеў (1941, 1942—43), Г.К.Жукаў (1941—42), В.Д.Сакалоўскі (1943—44), І.Д.Чарняхоўскі (1944—45), А.М.Васілеўскі (1945), І.Х.Баграмян (1945), С.Г.Трафіменка (1946—49), У.М.Камароў (1960—61), В.А.Пянькоўскі (1961—64), С.С.Марахін (1964—67), І.М.Траццяк (1967—76), М.М.Зайцаў (1976—80), Я.П.Іваноўскі (1980—85), У.М.Шуралёў (1985—89), А.І.Кастэнка (1989—92).
т. 2, с. 407